Мисько Максим Владимирович

Председатель правления ОО "Белорусский фонд мира"

29.10.2022

Ці змяніліся мэты і задачы Беларускага фонду міру ў сувязі з трагічнымі падзеямі апошняга часу?

звязда

Мэты аднаго з найбуйнейшых грамадскіх аб’яднанняў краіны — Беларускага фонду міру — ніколі не страчвалі сваёй актуальнасці: умацаванне міру, сяброўства, узаемаразумення, згоды паміж людзьмі і народамі, распаўсюджванне і ператварэнне ў жыццё ідэй міласэрнасці і гуманізму. Пра тое, што садзейнічае і спрыяе гэтым мэтам, пра задачы, якія стаяць перад аб’яднаннем, паразмаўлялі са старшынёй праўлення Беларускага фонду…

Мэты аднаго з найбуйнейшых грамадскіх аб’яднанняў краіны — Беларускага фонду міру — ніколі не страчвалі сваёй актуальнасці: умацаванне міру, сяброўства, узаемаразумення, згоды паміж людзьмі і народамі, распаўсюджванне і ператварэнне ў жыццё ідэй міласэрнасці і гуманізму. Пра тое, што садзейнічае і спрыяе гэтым мэтам, пра задачы, якія стаяць перад аб’яднаннем, паразмаўлялі са старшынёй праўлення Беларускага фонду міру Максімам Місько. 


— Максім Уладзіміравіч, ці змяняюцца мэты і задачы Беларускага фонду міру ў сувязі з трагічнымі падзеямі апошняга часу? Вы казалі, што яны павінны трансфармавацца. 

— Гэтага меркавання я прытрымліваюся і сёння. Чаму звяртаю на гэта ўвагу: Савецкі фонд міру традыцыйна выступаў за мір ва ўсім свеце. Мэта і звязаныя з ёй задачы, якія на сябе браў фонд, усё ж такі складаныя. Штосьці атрымлівалася здзейсніць, штосьці, натуральна, не. У незалежнай краіне задачы нашай арганізацыі выкрышталізаваліся: асноўная — мір і спакой у нашай краіне, і ўсё магчымае робім у першую чаргу для гэтага. Мажліва, гучыць не вельмі папулярна, але нас у большай ступені цікавіць дабрабыт нашых грамадзян. Гэта здаровае пачуццё любога патрыёта — калі ён клапоціцца найперш аб сваёй сям’і, аб калектыве, аб Радзіме. Між тым робіць гэта паслядоўна, пачынаючы з самога сябе. Таму і мы сёння канцэнтруемся не на вялікіх подзвігах, а на маленькіх добрых справах, якія ўдаецца рабіць «фонду нашых сэрцаў». Часта сябе так называем.

— Вялікія дасягненні складаюцца з маленькіх перамог? 

— Добры рэзультат, здавалася б, невялічкай справы — гэта вялікая перамога. Часта звяртаем увагу на тое, што паняцце міру вельмі шматзначнае, таму і нашы мэты і задачы разнастайныя. Гэта ў тым ліку падтрымка Беларусі на міжнароднай арэне, дзе наш голас у рамках народнай дыпламатыі сур’ёзны, істотны. Да яго прыслухоўваюцца, бо гаворым ад імя народа. Фонд міру — зрэз усяго беларускага грамадства: у праўленне, напрыклад, уваходзяць людзі розных прафесій, рознага веравызнання, розных нацыянальнасцей. Толькі параіўшыся, можам рабіць тыя ці іншыя заявы да міжнароднай супольнасці.

— Калі аналізуеце дзейнасць арганізацыі, пра што думаеце ў першую чаргу? 

— Наша асноўнае памкненне сёння — выклікаць і ў дзяцей, і ў дарослых пачуццё міласэрнасці. Яно ўласціва многім, аднак для выяўлення неабходны штуршок, для нас гэта значыць — даць магчымасць паўдзельнічаць у сумесным занятку, дапамагчы чалавеку адчуць сябе прыналежным да добрай справы. Стасункі паміж людзьмі — скрэпа, якая дазваляе жыць усім нам як адна сям’я.

— Што лічыце найважнейшым дасягненнем Беларускага фонду міру за апошні час? 

— Фонд — надзейны памочнік у рэалізацыі сацыяльнай палітыкі. На маю думку, сёння мае вагу тая грамадская арганізацыя, якая не просіць фінансавай падтрымкі ў дзяржавы, а служыць ёй падмогай. Спектр тых, каму мы дапамагаем, вельмі шырокі: ад самых маленькіх да людзей старэйшага пакалення. Яркае пацвярджэнне — 8 дамоў дзіцяці па ўсёй краіне, якія знаходзяцца пад нашай апекай, дапамога дзіцячым дамам сямейнага тыпу, установам аховы здароўя (падтрымка персаналу, удасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы), у тым ліку ўладкаванне палат для ветэранаў вайны і працы. Важны кірунак — работа з дзецьмі і моладдзю, у прыватнасці конкурсы для школьнікаў, дзякуючы якім можам падштурхнуць іх да разважанняў.

— Нядаўні конкурс «Мір у душы — мір у краіне!» якраз з такіх. Раскажыце, калі ласка, пра ідэю і яе ажыццяўленне. 

— З 2017 да 2019 года ў нас праводзіўся падобны конкурс, аднак быў ён вузкаскіраваны — кожны год разглядалі асобны кірунак творчасці: вершаскладанне, прозу і жывапіс. Першая трылогія пад назвай «Дзеці за мір» пабачыла свет у 2019 годзе. Тэма тады гучала так: «Шчасце жыць у мірнай краіне».

Сёлета мы адчулі, што час сціскаецца, і ў рамках міратворчай дзейнасці вырашылі працаваць болей актыўна, аб’яднаўшы тры намінацыі ў адным конкурсе. Агульная тэма — «Мір у душы — мір у краіне». У палажэнні мы зафіксавалі такі момант: хацелі, каб дзеці ў сваіх творах паказалі прыгажосць душы беларускага народа, у тым ліку праз прызму хрысціянскіх каштоўнасцей. Так сфарміравалася трыа сузаснавальнікаў конкурсу: Беларускі фонд міру, Міністэрства адукацыі і Беларуская праваслаўная царква. Тэматыка кнігі малюнкаў паўстала сама сабой — хрысціянскія храмы. Юныя мастакі ахапілі кожны раён Беларусі. Лічу альбом унікальным выданнем, гэта сапраўдная жам¬чужына серыі.

Паэтычныя спробы дзяцей вельмі прачулыя. Для нас, дарослых, ёсць пэўнае заспакаенне ў тым, як дзеці адчуваюць сябе ўнутры сённяшняй Беларусі. Як яны радуюцца таму, што ў нас мір і спакой, як цэняць гэта і як пра гэта пішуць… Усе ўдзельнікі таленавітыя. Натуральна, для многіх конкурс — сур’ёзны зачын для будучай творчасці, таму што не ва ўсіх дарослых пісьменнікаў ёсць выдадзеныя кнігі. Між іншым, што тычыцца прозы і паэзіі, то творы як беларускамоўныя, так і рускамоўныя, хоць першы блок пераважае, і гэта радуе.

— Чым ініцыятыва карысная для Беларускага фонду міру? Арганізаваць конкурс, прааналізаваць вынікі, выдаць некалькі кніг — справа нялёгкая і энергаёмістая. 

— Для гэтага і працуем. Не ў апошнюю чаргу для нас важны ахоп удзельнікаў — імі сталі 10 тысяч дзяцей, і кожнага з іх у выніку мы не абдзялілі ўвагай. Ды ў склад журы ўвайшлі знакамітыя пісьменнікі і мастакі. Да таго ж самі работы — папулярызацыя ідэй мірнай краіны, таму і назва трылогіі такая — «Краіна міру». Галоўнае, што мы хацелі даведацца: як дзеці бачаць жыццё ў нашай краіне. І, як помнім, вуснамі немаўляці прамаўляе ісціна. Такой шчырасцю хацелі падзяліцца і мы. Так, узнагароджанне пераможцаў праходзіла крыху нефармальна — ганаровыя госці выходзілі на сцэну і чыталі тыя вершы, якія ім найбольш спадабаліся.

— Колькі часу спатрэбілася на арганізацыю конкурсу і які працяг ён можа займець? 

— Праца заняла паўгода. Дарэчы, у найбліжэйшы час у некаторых сродках масавай інфармацыі паспрабуем нейкім чынам «падсвяціць» зорачак — маленькіх і больш дарослых творцаў. Спаборніцтва ў такім фармаце плануем праводзіць кожны год, мяняючы толькі тэмы для роздумаў, выпускаць трылогіі. А тэм шмат — разам з партнёрамі, думаю, атрымаецца знайсці матывы, здольныя закрануць тыя ці іншыя стрункі душы. Менавіта такія садзейнічаюць сапраўднаму патрыятычнаму выхаванню. А эфектыўным яно будзе толькі ў выпадку шчырай размовы з дзіцем праз літаратуру і мастацтва.

— Якія праекты ў сферы культуры, мастацтва лічыце найбольш важнымі? 

— Наша праграма «Мір праз культуру» — адна з базавых. Не так даўно правялі Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, дапамаглі арганізаваць першы ў Беларусі турнір халяльнай кухні… Аднак з асаблівай цеплынёй успамінаю мінулагодні канцэрт «Любімыя мелодыі ваенных гадоў» пад кіраўніцтвам шаноўнага Аляксандра Анісімава, які мы зладзілі напярэдадні Дня Перамогі ў Белдзяржфілармоніі. Тады Фонд міру зрабіў падарунак ветэранам вайны і працы з усёй рэспублікі. На працягу пяці гадоў дзейнічае і працягнецца ў будучыні праект па ўсталяванні стэндаў памяці «У страі заўсёды, у памяці навечна» ва ўстановах рознага тыпу. Летась скончылі будаўніцтва мемарыяла ва ўрочышчы Пяскі. Ствараўся ён усім светам цэлых 10 гадоў, аднак справа была вартая чакання. Увогуле, шмат супрацоўнічаем з міністэрствамі — адукацыі, культуры, інфармацыі.

— Дарэчы, цікавы кірунак вашай дзейнасці — «Сетка Школ міру ў Рэспубліцы Беларусь». 

— Так, гэта інавацыйны праект пазакласнай работы са школьнікамі. Прадугледжваецца, што актыўнасць вучняў накіравана на гуманітарную, дабрачынную дзейнасць, на ўдзел у тых сацыяльных праграмах, якімі актыўна займаецца Фонд міру ў дадзены мо¬мант. Сумесна з Міністэрствам адукацыі распрацавана палажэнне аб тым, як школа можа ўступіць у праект і якой павінна быць актыўнасць яе навучэнцаў, каб захаваць статус «Школы міру». Такое званне даецца на адзін год, у канцы якога ўстанова адукацыі інфармуе аб дабрачынных, гуманітарных, сацыяльных, міратворчых, экалагічных ініцыятывах школьнікаў. Пасля мы і прымаем рашэнне, ці захаваць статус. Дарэчы, вельмі складана арганізаваць работу з усімі навучальнымі ўстановамі краіны. Разумелі, што, калі сфарміруем базу школ кожнага раёна, супрацоўніцтва атрымаецца. Сёння ў сетцы болей як 100 школ, аднак запыт на ўдзел у праекце большы, чым мы пакуль можам пракантраляваць.

— Летась Беларускаму фонду міру споўнілася 60 гадоў. Ці не думалі сістэматызаваць звесткі пра яго? Маю на ўвазе перспектыву выдання кнігі, прысвечанай гісторыі арганізацыі. 

— Зараз у распрацоўцы матэрыялы публіцыста і пісьменніка Міхаіла Шыманскага, намесніка старшыні праўлення нашай арганізацыі. Доўгія гады ён публікаваў артыкулы, прысвечаныя і ваеннаму перыяду, і мірнай Беларусі, якія перадаў фонду. Справа засталася за выданнем. У выніку павінен атрымацца зборнік успамінаў з 28 раздзелаў пад назвай «Усюды была вайна». Звесткі пра Фонд міру — частка будучай кнігі.

— З якімі цяжкасцямі сутыкаецеся апошнім часам? 

— Скардзіцца няма на што. У нас вельмі добрая каманда — у Фонд міру выпадковыя людзі не трапляюць. Аднак ёсць адна нязменная складанасць — збіраць грошы, а без гэтага нікуды. Сярод супрацоўнікаў гуляе жарт, што ў нас ва ўсіх адна рука стала даўжэйшай за другую. Аднак адказваем на нязручныя пытанні, даказваем, хто, дзе і чаму мае патрэбу ў дапамозе. Беларускі фонд міру падтрымліваюць вельмі буйныя кампаніі, бо вераць у нас і бачаць вынікі. Увогуле, болей за мільён чалавек спрычыняецца да дзейнасці фонду. Складана ўявіць!

Між тым відаць, што апошнім часам людзі сталі паіншаму ўспрымаць само слова «мір». Колькасць членаў арганізацыі за гэты год вырасла не ў два і нават не ў тры разы… Людзі імкнуцца быць хоць нечым карыснымі. Кожнага з нас не можа не трывожыць адсутнасць міру і спакою на знешніх граніцах, ва ўсім свеце наогул. Упэўнены, што вельмі шмат беларусаў, сапраўдных патрыётаў, дзеля міру гатовы ахвяраваць сваім жыццём. Аднак не ўсё залежыць ад нас. Застаецца займацца сваёй справай яшчэ болей сур’ёзна, адказна і добрасумленна і захоўваць сваё сэрца — яно не павінна ператварыцца ў камень. Трэба помніць словы Іаана Златавуста, якімі і я ратуюся: нельга любіць аднаго і ненавідзець другога. Гэта не ёсць хрысціянская любоў.

— Максім Уладзіміравіч, у полі вашай увагі пастаянна знаходзяцца пытанні, звязаныя з мірам, справядлівасцю, міласэрнасцю… У гэтай сувязі ці можаце расказаць, да якіх твораў літаратуры ці мастацтва часцей звяртаецеся? Што маглі б параіць? 

— Гэта вельмі доўгі спіс. Аднак менавіта сёння падабаецца вяртацца да даволі складаных філасофскіх твораў. Даспадобы творчасць Германа Гесэ, парэкамендаваў бы прачытаць «Гульню ў бісер» і шэраг іншых яго шэдэўраў. Можна ў наш час звярнуцца і да Жана-Поля Сартра з яго тэорыяй абсурду. Аднак чытаць іх трэба не з мэтай акунуць сябе ў дэпрэсію, а каб зразумець гэтыя работы і стаць вышэй за той самы абсурд. Альбо паспрачацца, напрыклад, з Альберам Камю наконт таго, ці вартае жыццё таго, каб яго пражыць… Калі ёсць сілы на тое, каб паразважаць і асэнсаваць нашу рэчаіснасць, то можна знайсці адказы на важныя пытанні і зрабіць сур’ёзныя пазітыўныя высновы. Параіў бы ўсім прачытаць ці перачытаць класіку ўсіх ча¬соў, адзін з наймудрэйшых твораў — «Казку пра рыбака і рыбку» Аляксандра Пушкіна. Для тых, хто асэнсуе яе, жыццё стане больш радасным.

Гутарыла Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота БелТА